Муха-пяюха
Беларуская народная казка
Дзейныя асобы:
А п а в я д а л ь н і к
М у х а – п я ю х а
М ы ш к а
Ж а б к а
В а в ё р к а
З а я ц
В о ў к
А п а в я д а л ь н і к: Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка.
М ы ш к а: Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?
М у х а – п я ю х а: Я муха-пяюха. А ты хто?
М ы ш к а: Я на паліцах скрабатуха.
М у х а – п я ю х а: Сядай, паедзем разам.
А п а в я д а л ь н і к: Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка.
Ж а б к а: Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
М у х а – п я ю х а: Муха-пяюха.
М ы ш к а: Па паліцах скрабатуха. А ты хто?
Ж а б к а: А я па сажалках рагатуха.
М у х а – п я ю х а: Сядай, паедзем разам.
А п а в я д а л ь н і к: Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — сядзіць на галінцы вавёрка.
В а в ё р к а: Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
М у х а – п я ю х а: Муха-пяюха.
М ы ш к а: Па паліцах скрабатуха.
Ж а б к а: Па сажалках рагатуха. А ты хто?
В а в ё р к а: А я па елках скакуха.
М у х а – п я ю х а: Сядай, паедзем разам.
А п а в я д а л ь н і к: Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц.
З а я ц: Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
М у х а – п я ю х а: Муха-пяюха.
М ы ш к а: Па паліцах скрабатуха.
Ж а б к а: Па сажалках рагатуха.
В а в ё р к а: А я па елках скакуха. А ты хто?
З а я ц: А я праз дарогу скок.
М у х а – п я ю х а: Сядай, паедзем разам.
А п а в я д а л ь н і к: Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк.
В о ў к: Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?
М у х а – п я ю х а: Муха-пяюха.
М ы ш к а: Па паліцах скрабатуха.
Ж а б к а: Па сажалках рагатуха.
В а в ё р к а: А я па елках скакуха.
З а я ц: А я праз дарогу скок. А ты хто?
В о ў к: А я галодны воўк. Усіх вас паем.
А п а в я д а л ь н і к: Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.